Народнае зімовае свята "Каляды"

Падчас зімовых навогодніх святкаванняў жыхары Чачэршчыны, як і ў іншых раёнах Гомельшчыны, калядавалі, вадзілі казу, рыхтавалі абрадавую страву – куццю, заклікалі мароз на вячэру, каб засцерагчы ніву ад замаразкаў, выконвалі калядна-шчадроўныя песні, у якіх велічалі гаспадароў і іх дзяцей, услаўлялі працавітасць і руплівасць, высокія маральна-этычныя якасці, варажылі на добры ўраджай і суджанага, верылі ў жыццядзейнасць прыкмет і павер’яў.
6 студзеня на першую Каляду (канец шасцітыднёвага пасту, пачатак святочных дзён і вечароў) прыпадала першая куцця.
У Чачэрску у гэты дзень з самай раніцы ў кожнай хаце старанна прыбіраліся, упрыгожвалі жыллё самаробнымі посцілкамі, абрусамі, вышыванымі рушнікамі, уся сям’я мылася, а пасля пачыналі гатаваць вячэру. Елі поснае, варылі пярловую кашу і кідалі туды капейку. Хто яе знойдзе, таму будзе ўдача. Пад абрус клалі сена, а куццю ставілі на кут. Калі з’яўлялася першая зорка – можна было есці куццю.
У весцы Покаць у гэты вечар добра падмяталі хату, засцілалі новым і чыстым абрусам стол, пад які клалі сена. Вячэралі моўчкі. Некаторы раз загадвалі дзецям залазіць пад стол і ціўкаць куранём, каб добра вадзіліся куры. З ежы галоўнай была куцця аўсяная.
Жыхары вёскі Балсуны зранку дагледзеўшы хатнюю гаспадарку, апраналіся ва ўсё святочнае, будзілі дзяцей да ўсходу сонца і сыпалі пад стол гарбузовыя семачкі і лясныя арэхі, каб тыя іх збіралі, і гаварылі: “Скачыце, дзеткі, скоранька, сабірайце, каб так і ў хлеве прыгалі цяляткі, парасяткі…”. Увечары дзеўкі варажылі.
На 13 студзеня прыпадала другая куцця (шчодрая, Васілле). Вячэра на другую куццю была багатая. Тапілі печ, пяклі бліны, смажылі мяса. Калі прыходзілі калядоўшчыкі – выносілі ім бліны. Дзеўкі таксама варажылі.
У Покаці ў гэты дзень забівалі парася, гатавалі шмат ежы. Тут былі і бліны, і каўбасы, і шкваркі. У гэты вечар пачыналі хадзіць калядоўшчыкі. Яны апраналіся ў рознае адзенне, размалёўваліся. Вадзілі з сабой казу. Спявалі шчадроўкі, песні, якія васхвалялі гаспадароў, зычылі ім шчасця, ураджаю, здароўя. За гэтыя песні гаспадары давалі калядоўшчыкам цукеркі, сала, каўбасу.
У весцы Бабічы на другую куццю апраналіся старымі і маладымі цыганамі, якія танцавалі, а ім давалі сала, зярно. Яшчэ па хатах хадзілі хлопцы з казой, яны апраналі шубу, у яе ўстаўлялі рожкі і дзелалі казу, якая танцавала і падала, а хлопцы казалі: “Наша каза мала, яна хоча сала, наша каза мыта. Яна хоча жыта”. Хлопцам давалі гасцінец і яны ішлі ў другую хату.
Адметнай рысай у вёсцы Гацкое былі найманыя музыкі. Колькі на вёсцы было “хвацер” (хата, дзе сабіралася моладзь на вячоркі), столькі і музык. Найманыя: гарманіст, барабаншчык і яшчэ гарманіст – мелі права браць свайго лепшага сябра. З гарманістам дамаўляліся загадзя, якую ён будзе браць плату, у асноўным плацілі зернем, бульбай, а калі і грашыма. Хадзілі дзяўчаты і хлопцы з хвацеры на хвацеру, глядзелі, дзе цікавей, дзе больш хлопцаў ці дзяўчат, гледачоў. Дзеўкі збіраліся на хвацеры і варажылі.
У весцы Кавалеў рог таксама вадзілі казу. Хлопцу апраналі юбку, жалетку, шубу выварачвалі, рогі рабілі з саломы. Гэту казу прыводзілі ў хату пераапранутыя цыган і цыганка, тут ужо ўсе танцавалі, а каза на чатырох нагах скакала.
Жыхары вёскі Залессе ў гэты дзень праводзілі абрад “Перанос свячы”.
18 студзеня на Хрышчэнне прыпадала трэцяя куцця. На яе вараць посную ежу. У Чачэрску ў гэты дзень пераносілі свячу.
У весках Бабічы і Гацкое на трэцюю куццю калі раннем ішлі за вадой, кідалі ў вядро маленькі крыжык з дрэва. Разам з вадой чэрпалі чужы крыжык, а свой кідалі ў калодзеж. Прыносілі вывуджаны крыжык у хату і ставілі ля іконы. Уранні ездзілі ў царкву. Дома не елі, пакуль са службы не прывязуць пасвяцонай вады. Ваду пілі і свяцілі ёй двор.
Раней казалі калі мяцеліца на першую куццю будзе ўраджай на ягады, на другую – на грыбы, на трэцюю – на арэхі.
На Каляды – 14 святых дзён – ад Ражаства Хрыстова да Хрышчэнне ўсе работы, акрамя хатняй гаспадаркі, прыпыняліся. Гэта былі святыя вечары.