Традыцыйнае свята "Масленіца"

Зімовыя святы заканчваліся Масленіцай, якую звычайна адносяць да абраду пераходнага перыяду. «Масленіцу ў нас святкавалі весела, развітваліся з зімою, а сустракаліся з вясною», — расказала Марыя Ігнатаўна Балыкова, 1909 г.н., з в. Нісімкавічы. Паводле яе звестак, менавіта на Масленіцу «добры гаспадар аб'езджваў каня, лічылася, што тады конь будзе здаровы». У апошні дзень Масленіцы «палілі пудзіла, а потым попел раскідвалі на полі, каб яно радзіла добры ўраджай». Таццяна Дзмітрыеўна Лахцерава, 1932 г.н., з в. Бабічы, пацвердзіла факт бытавання абраду «калодкі» на Чачэршчыне: «Быў звычай хлопцам ці мужчынам у гадах, якія яшчэ не ажаніліся, вешаць на шыю калодку, і хлопец павінен быў хадзіць цэлы дзень з калодкай. Калодкай магло быць палена ці на шыю вешалі ключ на вяроўцы».
Масленічная абраднасць Чачэршыны ўключае наступныя структурныя элементы: выпечка бліноў і частаванне імі ўсех прысутных, прывязванне калодкі да нагі нежанатага хлопца (“Было так, што калі хлопец не жэніцца да 25 гадоў, то яму на нагу прывязвалі калодку. Усе над ім пацяшалісь”), спальванне саламянага пудзіла, якое сімвалізавала зіму (“Каля рэчкі ставілі чучала з саломы і спальвалі яго, як бы чучала – гэта зіма, яго спальваюць – растапліваюць снег, а значыць, хутка прыйдзе вясна” (запісана ў г. Чачэрск ад Буланавай Марыі Макараўны, 1926 г.н.)), абход двароў з мэтай віншавання тых маладых людзей, што ўзялі шлюб (“Збіралася моладзь, каталася на арэлях, віншавалі маладажонаў” (в. Покаць)).
Звычай аб’язджаць коней на Масленіцу – адзін з важнейшых у структуры абрадавага комплексу ў в. Чырвоны Бор. Аграрна-магічнае значэнне надавалі попелу, што заставаўся пасля спальвання пудзіла на кастры ў апошні дзень Масленіцы. Верылі, што раскіданы на полі попел паспрыяе добрай ураджайнасці (запісана ад Жлоба Н.Я., 1928 г.н., Ярэня Станіславы Іванаўны, 1927 г.н.).
Святкаванне Масленіцы ў в. Халочча вызначалася застоллем з блінамі, ваджэннем карагодаў, выкананнем песень. “Гасцей прыглашалі, хадзілі з хаты ў хату, банкетавалі. З Масленіцы ажыдалі Пасху” (запісана ад Халязнікавай Матроны Мартынаўны, 1923 г.н., з в. Халочча).
Паралельна з уласна масленічнымі абрадамі і выкананнем масленічных песень, адбывалася і гуканне вясны: “Сабіраліся каля ракі і гукалі вясну. Кідалі вянкі, спявалі песні пра вясну, вадзілі карагоды” (запісана ад Дзюванавай Марыі Сцяпанаўны, 1928 г.н.).
На Чачэршчыне пачыналі гукаць вясну не толькі на масленічным тыдні, але і з 25 сакавіка (на Дабравешчанне). Мясцовы абрад захоўвае структуру агульнабеларускага абрадавага комплексу сустрэчы вясны, уключае такія элементы, як выхад на высокае месца, распальванне вогнішча, ваджэнне карагодаў, выкананне загукальных песень.