Абрад “Пахаванне стралы”

Адным з цэнтраў бытавання абраду ваджэння стралы даследчыкі слушна называюць і Чачэрскі раён. Звесткі пра абрад пахавання стралы на Чачэршчыне ў свой час запісваў Еўдакім Раманаў. Што датычыць часавай прымеркаванасці выканання мясцовых карагодаў “Стралы”, то гэта Троіца (в. Залессе), або Ушэсце (“шосты тыдзень пасля Пасхі ў чацвер”) (в. Нісімкавічы). Паводле ўспамінаў жыхаркі в. Валосавічы М.В. Карнеенка, 1919 г.н., жанчыны збіраліся ў абедзенны час і, ідучы шарэнгай па вёсцы, спявалі песню “Ты ляці, страла, ды й удоль сяла”. Структурныя элементы мясцовага абраду пахавання стралы – гэта шэсце да жыта, раскладанне вогнішча, качанне па полі, скокі цераз агонь, ваджэнне карагодаў вакол кастра, пошукі хлопцамі схаваных дзяўчатамі ў жыце рэчаў.

Запісана ў вёсцы Меркулавічы ад Павідзіш Валянціны Іванаўны, 1933 г.н.