Абрад "Перанос свячы"

 

Гэта свята называецца зімовы Мікола. Адзначаецца гэта свята зімой з вечара 18 снежня і 19 снежня поўны дзень.

У той хаце, дзе знаходзіцца свяча, гаспадыня з 7 гадзін вечара запальвала свячу. Усе людзі збіраліся у гэту хату. Перад тым як зайсці ў хату, на парозе абавязкова хрысціліся, потым праходзілі далей. Усе, хто прыходзіў, неслі на свячу дары. Неслі рушнікі, платкі, кускі матэрыі, свечы. Абавязкова на свячу шылі новае адзенне. Прыгожа яе убіралі, яна выглядала як лялька, росту невялікага – сантыметраў 50. Свяча павінна стаяць на куце, салома сцеліцца пад абрус, дзе стаіць свяча. Побач са свячой стаіць ікона Міколы Чудатворца. У гэтай хаце гатавалі вячэру, вячэра абавязкова павінна быць посная. Да дванаццаці гадзін дня ў хаце нельга было спяваць, не гучала музыка.

Пасля абеда пачынаўся абрад “Перанос свячы”. Выходзілі на вуліцу, уперадзі ішла свяча, потым неслі ікону Міколы Чудатворца. Услед за іконай жанчыны кідалі салому. Раней нельга было ікону пераносіць цераз дарогу. А у наш час бяруць тыя, хто згодзен узяць ікону да сябе.

Новая гаспадыня ставіла свячу на кут, запальвалі свечы, маліліся Богу. У гэтай хаце пачыналася гулянка: пелі песні, танчылі. Людзі, якія ішлі ўслед за свячой, сабіралі салому і неслі дамоў. Гэта салома счыталася святой. Гэту салому лажылі пад стрэхі сваіх хлеваў. Счыталася, што гэту  хату і усю гаспадарку абойдзе маланка, абойдуць усе хваробы. Гэты дом будзе засцярожаны ад нячыстай сілы.

Запісана ў вёсцы Залессе

ад Хімічавай Наталлі Уладзіміраўны, 1922 г.н.