Светлае свята Вялікдзень (Пасха)

 

Вялікдзень.

Велікоднае свята жыхары Чачэрскага раёна звязвалі з абуджэннем прыроды і пачаткам веснавых работ. Нейкі цэласны велікодны абрад узнавіць сёння не ўяўляецца магчымым, аднак актыўнасцю бытавання адрозніваюцца асобныя рытуалы і дзеянні, сярод якіх магчыма адзначыць такія, як фарбаванне яек, прыгатавани «багатых скаромных страў», выпяканне пірагоў, «паскі», звычай «прабачаць адзін аднаму крыўды, цалавацца (хрыстосавацца)», асвячэнне ў царкве яек і «паскі», ваджэнне карагодаў, качанне яек па дошках з гары, начное богаслужэнне, разгаўленне за велікодным сталом. Паводле ўспамінаў Алены Максімаўны Янкоўскай, 1947 г. н., з в. Бабічы, «сабіраліся на вуліцы на высокім месцы, пелі велікодныя песні «Ой, на Вялікадне, на Вялікдзень», вадзілі карагоды «Карагод вялік, вуліца мала», качалі яйкі, булкі і яйкі пасвяцалі ў царкве, давалі скату, ігралі гарманісты, ладзіліся танцы».